Выстава “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры” ў Японскім палацы

З 8 верасня 2023 года Дзяржаўныя этнаграфічныя зборы Саксоніі, якія ўваходзяць у аб'яднанне музеяў “Дзяржаўныя мастацкія зборы Дрэздэна”, будуць дэманстраваць у Японскім палацы выставу “Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры”. Прадстаўленне твораў мастацкай групы 1+1=1, якая складаецца з Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна, — гэта аператыўная рэакцыя на цяперашнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі. “Кафэ Беларусь” паўстала яшчэ ў 2021 годзе ў кантэксце выставы “Бязмоўе – гучнае аняменне” і бачыць сябе апроч іншага пляцоўкай, дзе сустракаюцца і абменьваюцца думкамі эмігранткі і эмігранты, дзяячкі і дзеячы культуры з Беларусі і ўсяго свету.

Антаніна Слабодчыкава і Міхаіл Гулін, творцы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, з кастрычніка 2022 года працуюць у Японскім палацы ў якасці стыпендыятаў праграмы “Ініцыятыва Марціна Рота” (MRI). “Ініцыятыва Марціна Рота” была заснаваная ў 2018 годзе Інстытутам імя Гётэ і Інстытутам сувязей з замежнымі краінамі (ifa). У супрацоўніцтве з мастацкімі і культурнымі ўстановамі, гатовымі прымаць стыпендыятаў і стыпендыятак, праграма дае мастакам і мастачкам, якім на радзіме пагражае небяспека з палітычных і (ці) сацыяльных прычын, магчымасць атрымаць прытулак на перыяд ад дванаццаці месяцаў і адкрыць для сябе новыя кірункі.

“Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры” уключае найноўшыя творы мастацкай групы 1+1=1. Яны апавядаюць пра рашучае адстойванне свабоды мастацтва, тым самым скіроўваючы ўвагу на грамадска-палітычную сітуацыю ў сённяшняй Беларусі. Яшчэ напярэдадні выбараў 2020 года Антаніна Слабодчыкава намалявала тую самую піктаграму, што зрабілася ўсюдыісным сімвалам тых, хто на прэзідэнцкіх выбарах кінуў выклік лукашэнкаўскай аўтакратыі: сэрца ў спалучэнні з кулаком і жэстам “вікторыя”.

Комплекс Касандры — псіхалагічны эфект ігнаравання або адмаўлення песімістычных прагнозаў — выступае для мастакоў на выставе ў Японскім палацы ключом да разумення палітычнай сітуацыі Беларусі ў яе геапалітычным асяроддзі і ўспрымання краіны на міжнародным узроўні.

Міхаіл Гулін: “З 1994 года мая краіна вядомая ў Еўропе як апошняя дыктатура, яна завязла ў часе: “ужо не савецкая”, але і “яшчэ не дэмакратычная еўрапейская”. Тысячы палітвязняў, выкраданне людзей, узмацненне ўплыву Расіі — а ЕС і суседнія краіны збольшага выказваюць “глыбокую заклапочанасць”, ды на тым і ўсё. 24 лютага 2022 года сітуацыя памянялася”.

Персанальная выстава Антаніны Слабодчыкавай і Міхаіла Гуліна ў Дрэздэне даследуе ўнутраныя механізмы ўзаемадачынення паміж міфам і палітыкай, вельмі важнага якраз для аўтарытарных і рэпрэсіўных сістэм. Якую ролю адыгрывае міфалогія і якім чынам так званыя знакі лёсу інтэрпрэтуюцца на карысць улад? А якое значэнне мае вера ў правадыра як прарока або героя, што несвядома перадаецца з пакалення ў пакаленне? Каго можна назваць сапраўдным героем ці гераіняй у такіх варунках?

У экспазіцыю ўвайшло каля 25 прац, сярод якіх відэа, перформансы, графіка і інсталяцыі, створаныя пасля 2020 года, а таксама новыя графічныя і мультымедыйныя творы, распрацаваныя адмыслова для выставы ў Японскім палацы.

На запыт СМІ прапануюцца індывідуальныя экскурсіі па выставе. Будзем таксама рады вітаць прадстаўніц і прадстаўнікоў прэсы на адкрыцці 7 верасня 2023 года а 18-й гадзіне. Для ўдзелу ў імпрэзе просім зарэгістравацца, даслаўшы паведамленне на электронны адрас: presse(at)skd.museum.

Больш падрабязна аб праекце

We are using cookies!

You can revoke your consent at any time.

The Staatliche Kunstsammlungen Dresden uses cookies to provide you with an optimal website experience. These primarily include cookies that are necessary for the operation of the website.

Click on "Accept all" to accept all cookies. You can change and revoke your consent at any time. For this purpose, the "Change cookie settings" button is available at the bottom of the page. Functional cookies will continue to be executed even without your consent.

If you would like to adjust the cookies used, you can reach the settings via the "Select" button.

You can find more information under Privacy or Imprint.

To top